3.70 BYN
2.95 BYN
3.46 BYN
Дзве беларускія спартсменкі выйгралі бронзавыя медалі на моладзевым Кубку свету па боксе

Дзве беларускія спартсменкі выйгралі медалі на 34-м міжнародным турніры "Жамчужына Адрыятыкі", які праходзіць у статусе моладзевага Кубка свету па боксе. Пра гэта паведаміла БЕЛТА, спасылаючыся на прэс-службу Мінспорта.
Прэстыжны турнір з удзелам спартсменаў з 21 краіны прымае чарнагорская Будва. Першымі для правядзення паўфінальных баёў на рынг выйшлі дзяўчаты. У катэгорыі да 57 кг наша Наталля Насачова саступіла Рэгіне Цібенавай з Казахстана, а ў вазе да 63 кг Анастасія Гарохава прайграла расіянцы Ірыне Корабавай. Тым не менш абедзве беларускі сталі ўладальніцамі бронзы, паколькі баі за трэцяе месца рэгламентам не прадугледжаны.
8 сакавіка барацьбу за выхад у фіналы павядуць хлопцы. Сярод паўфіналістаў шасцёра нашых спартсменаў: Захар Веленка (да 51 кг), Дзмітрый Сарокін (да 67 кг), Андрэй Мацкевіч (да 80 кг), Андрэй Румянцаў (да 86 кг), Станіслаў Жылянін (да 92 кг) і Уладзімір Пуцько (звыш 92 кг). Паядынкі за золата моладзевага Кубка свету ў Будве адбудуцца ў нядзелю.