3.78 BYN
2.98 BYN
3.42 BYN
Вывучыць мову веера і жэстаў, зрабіць жаночы аксесуар з паперы і палачак можна на выставе ў Мінску
Больш за 20 веераў сярэдзіны XVIII - пачатку XX стагоддзя - у Мастацкай галерэі Савіцкага. Калекцыя прыехала ў Мінск з музея "Замкавы комплекс "Мір". На інтэрактыўнай выставе можна вывучыць мову веера і жэстаў, а таксама паўдзельнічаць у гульнях мінулых стагоддзяў і самастойна зрабіць жаночы аксесуар па старажытнай тэхналогіі.
Самы старажытны экспанат калекцыі - французскі веер. Ён датуецца 1760 годам, дэкараваны ручным роспісам, разьбой і пазалотай. Выстава з Мірскага замка адлюстроўвае ўсю разнастайнасць матэрыялаў, з якіх вырабляліся вееры: папера, кардон, шоўк, карункі, дрэва, слановая косць, пёры страуса, перламутр.
Вытворчасць веераў у Еўропе была цэлай індустрыяй і давала працу сотням тысяч майстроў. Сярод тэхнік дэкору - роспіс, вышыўка, залачэнне, разьба, гравіроўка, інкрустацыя. Характэрна, што калекцыя з 26 экспанатаў з Міра прыехала ў мінскі будынак былой гарадской сядзібы.
Зменлівасць моды на працягу XIX стагоддзя адлюстроўваецца ў дэкоры, канструкцыі, матэрыялах і тыпах веераў, прадэманстраваных на выставе. Наяўнасць такога міні-твора мастацтва ад ювеліраў і мастакоў сведчыла пра матэрыяльны дастатак.
Старажытны веер быў не толькі цудоўным і каштоўным аксесуарам, міні-кандыцыянерам, але і тайным кодам паміж дамамі і кавалерамі галантнай эпохі XVIII-XIX стагоддзяў.
Лічыцца, што "мову сентыментальных пачуццяў" першымі прыдумалі іспанкі. Пазней модніцы парыжанкі ўдасканалілі гэту бязгучную мову флірту пры дапамозе веера.
Падчас інтэрактыўнай экспазіцыіі можна не толькі вывучыць мову веера і жэстаў, але і навучыцца ствараць гэтыя ўпрыгажэнні з паперы і драўляных палачак. Паўдзельнічаць у "кветкавым флірце" (папулярная гульня пазамінулых часоў) і апрануць папяровую ляльку-мадэль у строі XIX стагоддзя.
Прыемны бонус – фотазона ў стылі жывапісу французскага мастака XIX стагоддзя Франсуа Бушэ, які праславіўся стварэннем сапраўдных шэдэўраў на мініяцюрных веерах. Акунуцца ў шматгранны "Свет веера" можна да канца студзеня.