3.78 BYN
3.00 BYN
3.38 BYN
Гэта месца называюць "дзіцячай Хатынню". Мемарыял у Чырвоным Беразе не мае аналагаў
Памяць аб выкрадзеным дзяцінстве захоўвае мемарыяльны комплекс "Дзецям - ахвярам вайны" ў аграгарадку Чырвоны Бераг. Ён не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах замежжа. Летась тут узвялі музей, пасля наведвання якога немагчыма стрымаць слёзы.
У народзе мемарыял Чырвонага Берага называюць "дзіцячай Хатынню". Але тут не спальвалі вязняў. Сюды з усёй акругі звозілі малых, тут іх абследавалі, а затым адпраўлялі альбо на працы ў Германію, альбо ў іншыя лагеры, дзе выпампоўвалі з іх кроў для нямецкіх салдат.
Галодныя дзеці часам самі падыходзілі да ўрачоў і прасілі паўтарыць працэдуру дзеля аднаго - порцыі цукру. Аповяд экскурсавода раздзірае сэрца. Той выпадак, калі праўда страшнейшая за выдумку.
Паводле задумкі стваральнікаў, увесь комплекс - гэта сонца з промнямі, якія разбягаюцца ў розныя бакі. Адзін лішні - гэта чорная паласа вайны, якая не павінна была здарыцца. Дабро абавязкова перамагае зло. Таму на дзіцячых малюнках - больш пазітыўных фарбаў, а вакол мемарыяла - яблыневы сад - сімвал жыцця.
Боль, безабароннасць і бездапаможнасць на твары бронзавай фігуры дзяўчынкі-падлетка. Паднятымі над галавой тонкімі рукамі яна як быццам абараняецца ад усіх жахаў вайны, а яшчэ нагадвае ўсяму чалавецтву пра тое, што гэта трагедыя не павінна паўтарыцца.