3.78 BYN
2.98 BYN
3.42 BYN
Прыкласціся да мошчаў святых і сустрэцца з манахамі можна будзе на велікодным фестывалі ў Мінску

Традыцыйны праваслаўны фестываль "Радасць" пройдзе ў культурным духоўна-асветніцкім цэнтры "Каўчэг" Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра з 2 па 13 красавіка, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".
У міжнароднай выставе-кірмашы прымуць удзел манастыры і храмы Беларусі, Расіі, Сербіі, Сірыі, Палесціны, Малдовы, Грэцыі. Упершыню на фестываль запрошаны спецыяльныя госці - насельнікі Опцінай пустыні іераманахі Мяфодзій (Капусцін) і Інакенцій (Паўлаў).
З 4 па 6 красавіка яны правядуць сустрэчы з вернікамі і вучнямі манастырскай школы.
Наведвальнікі форуму таксама змогуць прыкласціся да мошчаў прападобных Майсея і Антонія Опцінскіх.
"У праграме велікоднага фестывалю - выступленні дзіцячых калектываў, літаратурна-музычныя праграмы, спектаклі тэатральных калектываў, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Традыцыйна ў дні форуму таксама пройдуць гутаркі са свяшчэннікамі, кінапаказы, лекцыі на тэму здаровага ладу жыцця, майстар-класы для дзяцей і дарослых", - распавялі арганізатары.
У Свята-Елісавецінскім манастыры адзначылі, што падзеі фестывалю будуць цікавыя як тым, хто ходзіць у храм, так і ўсім тым, хто жадае азнаёміцца з праваслаўем бліжэй. У дні форуму з 11 па 13 красавіка таксама запланавана выстава-кірмаш рамеснікаў "Дабрадзел", на якой будуць прадстаўлены ўнікальныя вырабы ручной працы майстроў Беларусі.
Нагадаем, праваслаўны фестываль "Радасць" праходзіць па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і пры падтрымцы Мінгарвыканкама.