3.73 BYN
2.92 BYN
3.41 BYN
Да свята 8 Сакавіка ў віцебскіх цяпліцах вырасцяць каля 30 тыс. руж і 16 тыс. цюльпанаў
Пакуль на вуліцы пануе зіма, у цяпліцах Беларусі праходзіць падрыхтоўка да сезона азелянення і галоўнага вясенняга свята - 8 Сакавіка. У Віцебску пад шклянымі дахамі чакаюць свайго часу паўсотні відаў раслін. Кветкаводы ўжо збіраюць першы ў гэтым сезоне ўраджай руж.
Кветкавы ўбор Віцебска кожны год імкнуцца зрабіць непаўторным - яркія вулічныя кампазіцыі, нечаканыя спалучэнні фарбаў і форм. Каб рэалізаваць усе творчыя фантазіі, падрыхтоўку да сезона азелянення пачынаюць зімой.
Пасеянае ў снежні насенне ўжо дае першыя ўсходы. На чарзе самы працаёмкі этап - пікіроўка, гэтая работа падобная да ювелірнай.
Пад штучным сонцам расада будзе грэцца да красавіка. Першымі абжываць гарадскія кветнікі адправяцца самыя марозаўстойлівыя - цынерарыі і гацаніі. За імі ў некалькі этапаў вуліцы Віцебска ўпрыгожыць больш як мільён кветак. Іх аб'яднаюць у эксклюзіўныя кампазіцыі.
Паралельна кветкаводы рыхтуюцца да свята вясны - 8 Сакавіка. Вытанчаныя ружы і кранальныя цюльпаны вырошчваюць па дакладна вывераных тэхналогіях. Паліванне, асвятленне, падтрыманне патрэбнай тэмпературы і вільготнасці - увесь працэс у асноўным аўтаматызаваны, але не пазбаўлены чалавечай цеплыні і клопату.
Да сакавіка ў віцебскіх цяпліцах вырасцяць каля 30 тыс. руж і 16 тыс. цюльпанаў. На выбар прапануюць дзясяткі сартоў, каб правільныя словы на мове кветак змог падабраць кожны.















