3.70 BYN
2.97 BYN
3.47 BYN
Археолагі даследуюць пахаванне старажытных славян на поўдні Беларусі
Глыбіні славянскай гісторыі даследуе беларуска-расійская археалагічная экспедыцыя на поўдні Беларусі. У наваколлях вёскі Гарошкаў Рэчыцкага раёна супрацоўнікі Дзяржаўнага Эрмітажа, Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Шклярова, а таксама валанцёры вывучаюць дахрысціянскую эпоху.
Навуковую цікавасць саюзнай экспедыцыі выклікаў унікальны комплекс з помнікаў дзвюх культур - мілаградскай і больш позняй зарубінецкай. Меркавана, у наваколлях вёскі Гарошкаў знаходзіцца пахаванне старажытных славян.
Раскопкі вядуцца на глыбіні да паўметра. Сантыметр за сантыметрам археолагі асцярожна здымаюць слой пяску, дастаюць крохкія знаходкі, якія праляжалі ў зямлі больш чым 2 тыс. гадоў.
Спецыялісты лічаць, што на гэтым месцы пахавана 200 носьбітаў зарубінецкай культуры. Яны ўпэўнены: тут таксама можна знайсці посуд, зброю, упрыгажэнні. Знаходкі распавядаюць аб родзе заняткаў продкаў, іх светапоглядзе, ступені ўплыву кельцкай культуры на зарубінецкую.
Раскопкі ў гэтай мясцовасці вядуцца 10 гадоў. Вывучана плошча ў 10 тыс. квадратных метраў. За гэты час знойдзены дзясяткі гліняных пасудзін, упрыгажэнні з бронзы і жалеза, зашпількі для адзення, металічныя наканечнікі коп'яў. Археолагі працуюць, каб пацвердзіць гіпотэзу аб тым, што ў дахрысціянскую эпоху менавіта славяне засялялі гэтыя землі.
"Гэта мая чацвёртая экспедыцыя, але менавіта тут я першы раз бачыла суцэльныя пасудзіны, - расказала кіраўнік студэнцкага археалагічнага атрада Таісія Антышава. - Дагэтуль мы знаходзілі нейкія абломкі, а тут прама з зямлі можна дастаць цэлую місачку або збанок. Нельга адразу яго выцягваць, трэба акуратна з усіх бакоў адкапаць".
Далей знаходкі адпраўляюць у выязную лабараторыю. У палявых умовах важна не столькі вярнуць першапачатковы выгляд прадмету, колькі захаваць яго, каб навукоўцы змаглі расшыфраваць інфармацыю з глыбіні стагоддзяў.