3.77 BYN
2.82 BYN
3.21 BYN
Акцыя "Дзень без аўтамабіля" пройдзе ў Мінску 22 верасня

Штогадовая акцыя "Дзень без аўтамабіля" пройдзе ў Мінску 22 верасня. Аб гэтым падчас 19-й сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў расказаў намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савета па горадабудаўніцтве, жыллёвай палітыцы, землекарыстанні і экалогіі Віталь Якубаў, піша БЕЛТА.
Ён адзначыў, што гэта акцыя ўжо стала традыцыйнай для беларускай сталіцы. У Мінску яна праводзіцца з 2008 года ў той жа дзень, што і ва ўсім свеце - 22 верасня. Падчас сесій дэпутаты Мінгарсавета зацвердзілі яе правядзенне.
Паводле слоў Віталя Якубава, акцыя заклікае людзей адмовіцца ад аўтамабіляў і зрабіць выбар на карысць больш экалагічных сродкаў перамяшчэння. "У гэты дзень чалавек можа ўзяць вадзіцельскае пасведчанне і дакументы на транспартныя сродкі і атрымаць права на бясплатны праезд", - дадаў намеснік старшыні.
Ён падкрэсліў, што з кожным годам да гэтай акцыі далучаецца ўсё больш людзей. "Гэта дазваляе нам ахоўваць прыроду, паколькі больш за 100 т выкідаў не трапляе ў атмасферу, што спрыяе паляпшэнню стану навакольнага асяроддзя", - паведаміў ён.















