3.70 BYN
3.00 BYN
3.49 BYN
Ад Купалы да Мітчэл: стаў вядомы рэйтынг самых любімых кніг у беларусаў

6 верасня стартуе XXXII Дзень беларускага пісьменства. Свята сёлета прыме Ліда. На адной з цэнтральных артэрый, вуліцы Мітрапаліта Філарэта, размесціцца фестываль кнігі і прэсы, менавіта там выдавецтвы прапануюць вывучыць свежыя навінкі "з-пад станка".
Толькі за першае паўгоддзе 2025 года беларуская кніжная паліца стала цяжэйшай на 3701 кнігу і брашуру. З іх на беларускай мове 516 выданняў.
Агульны тыраж складае 7 933 400 экзэмпляраў. У параўнанні з 2024 годам лічбы большыя.
Спецыялісты НАН Беларусі правялі сацдаследаванне і з дапамогай тэлефоннага апытання, у якое былі ўключаны 900 рэспандэнтаў розных узростаў і прафесій, высветлілі, што кожны дзень кнігу ў рукі бяруць 35 % апытаных, крыху радзей, некалькі разоў на тыдзень, 32 %.
Быў атрыманы і адказ на пытанне, колькі кніг прачытана за год. За 2024 год спіс прачытаных твораў склаў у большасці ад 4 да 7. Беларусы часцей сталі звяртацца не да класікаў, а да сучасных пісьменнікаў.
Што да айчыннай літаратуры, то ўдзельнікі апытання выдзелілі актуальныя тэмы, на якія варта звярнуць увагу літаратарам. Гэта захаванне гістарычнай памяці і ідэнтычнасці, сям'я і праблемы выхавання дзяцей. Акрамя таго, чытачам цікавыя сяброўства і рамантычныя адносіны.
Які год не мяняецца залатое трыа беларускіх класікаў. Згодна з апытаннямі і продажамі, самымі папулярнымі сярод нацыянальных аўтараў з'яўляюцца Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч і Янка Купала.
У спіс упадабаных беларусамі твораў уваходзяць бестселеры сусветнай літаратуры: "Майстар і Маргарыта" Міхаіла Булгакава, "Панесеныя ветрам" Маргарэт Мітчэл і "Вайна і мір" Льва Талстога.
З беларускіх твораў чытачы часцей за іншых выбіралі раман "Людзі на балоце" Івана Мележа. Твор з цыкла "Палеская хроніка" перакладзены на нямецкую, латышскую і рускую мовы.