3.65 BYN
3.04 BYN
3.60 BYN
Станцыя Негарэлае: як беларускі пасёлак стаў варотамі паміж СССР і Еўропай у 1921-1939 гадах
Негарэлае - населены пункт сучаснага Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Усяго за некалькі кіламетраў ад яго, па выніках Рыжскага мірнага дагавора, прайшла мяжа паміж БССР і Польшчай.
Невялікі пасёлак з 1921 года стаў цэнтрам сусветнага прыцягнення, толькі праз яго з Еўропы можна было трапіць у СССР, а з Савецкага Саюза - у Заходнюю Еўропу. Тут сустракалі сусветных знакамітасцяў, лавілі шпіёнаў і слухалі пісьменнікаў.
Больш чым сто саставаў за дзень - грузавыя, пасажырскія цягнікі і электрычкі. Станцыя Негарэлае адносіцца да Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Спыняюцца тут толькі міжрэгіянальныя саставы, гэта значыць электрычкі. Пасажырскія цягнікі едуць без прыпынку, але так было не заўсёды - з 1921 па 1939 год праехаць Негарэлае было немагчыма.

Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора пра Негарэлае даведаўся ўвесь свет. Станцыя стала адзінымі ў СССР варотамі ў краіны Заходняй Еўропы. Знакамітая арка - тыя самыя вароты - знаходзілася прыкладна за 5 км ад станцыі - бліжэй да Коласава.
Тых, хто выязджаў з Савецкага Саюза, праводзіў надпіс "Камунізм змяце ўсе межы", а тых, хто ўязджаў у СССР, сустракаў лозунг "Прывітанне працаўнікам Захаду".
Станцыя прымала 10 тыс. пасажыраў за год, быў узведзены двухпавярховы каменны будынак вакзала, працаваў рэстаран, валютны ўнівермаг, была гасцініца "Інтурыст" і цырульня, каб дамы маглі паправіць прычоску або макіяж.
"Штодня тут курсіравалі дзве пары цягнікоў. З Негарэлага можна было трапіць у Варшаву, у Парыж, а таксама ва Усурыйск і Маньчжурыю", - расказала дырэктар Дзяржынскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Дар'я Лямбовіч.

Пасажыры цягніка Парыж - Маньчжурыя ехалі ад канчатковай да канчатковай станцыі і знаходзіліся ў дарозе каля двух тыдняў. Нагледзеўшыся на Нотр-Дам, шэдэўры Луўра і Эйфелеву вежу, яны прагнулі ўбачыць сопкі і азіяцкія матывы ў архітэктуры.
Пасажыры былі рознага саслоўя, а значыць розных фінансавых магчымасцяў, таму вагоны цягнікоў таксама былі рознага класа.
Стаянка цягнікоў у Негарэлым доўжылася 70 хвілін. Пасажыры праходзілі пашпартны кантроль, мытную праверку, але стаянка была неабходная і для таго, каб падрыхтаваць цягнікі да далейшага маршруту.

Вядомых пасажыраў і папулярных артыстаў, пісьменнікаў, палітыкаў, якія вярталіся з-за мяжы, у Негарэлым сустракалі хлебам-соллю, з духавым аркестрам, вітальнымі прамовамі.
Негарэлае ўвайшло ў гісторыю як першая станцыя Савецкага Саюза, праз яе праязджалі Максім Горкі, Уладзімір Маякоўскі, Валерый Чкалаў. Чэмпіён свету па шахматах Міхаіл Бацвіннік, вяртаючыся з турніру ў Нотынгеме, на негарэльскім вакзале правёў сеанс адначасовай гульні. Яго сапернікамі сталі пагранічнікі і камсамольцы.
Тут лавілі японскага шпіёна і перарывалі спробы правозу кантрабанды, пасля ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі станцыя Негарэлае стала адной са шматлікіх па дарозе з Масквы ў Брэст.