3.68 BYN
2.99 BYN
3.49 BYN
У сям’і Гудкоўскіх са Старых Дарог ужо 20 гадоў дораць бацькоўскую апеку дзецям
Мужны настаўнік і надзейная апора сям’і. 21 кастрычніка ў Беларусі віншуюць мужчын, якія выхоўваюць дзяцей. Дзень таты - кульмінацыя Тыдня бацькоўскай любові, маладое свята, якое адзначаюць у нашай краіне толькі чацвёрты год. Яно падкрэслівае найважнейшую ролю бацькі ў жыцці кожнага дзіцяці, ва ўмацаванні шчаслівай сям’і.
Для некаторых мужчын выхаванне дзяцей з бацькоўскай увагай і клопатам - сапраўднае прызванне. Як і для сям’і Гудкоўскіх са Старых Дарог, якія на працягу 20 гадоў годна нясуць абраную місію бацькоў-выхавальнікаў.
Сардэчнаму прычалу, дзе атуляюць клопатам і дораць бацькоўскую апеку дзецям, вось ужо 20 гадоў. Гаспадары ўтульнага дома па вуліцы Міра ў Старых Дарогах па прызванні бацькі-выхавальнікі. Зараз у сям'і Сяргея і Наталлі Гудкоўскіх 9 дзяцей, якія з пяшчотай называюць іх бабуля і дзядуля.
Экскурсію па дзіцячай прасторы праводзіць Глеб Варашкевіч. Хлопчык перайшоў у 7 клас. Як і ўсе дзеці ў сям'і, вучыцца ў першай школе. Захапляецца спортам і матэматыкай. Расце сапраўдным мужчынам, па прыкладзе гаспадара сям'і гатовы падставіць плячо і дапамагчы ў любой справе.
Тое, што сіл, увагі і любові хопіць на вялікую сям'ю, Сяргей і Наталля зразумелі, калі выхоўвалі сваю дачушку. Ідэю стварыць утульны дом для дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, падтрымаў Сяргей. Таму хутка ад патранатнай іх сям'я вырасла да шматдзетнай.
Любімае месца, дзе сям“я збіраецца разам, – сталовая. 5 гадоў таму на нулявым паверсе зрабілі рамонт, так з'явілася прастора з камінам. Кулінарыя - хобі Наталлі. На стале заўсёды ёсць выпечка па аўтарскіх рэцэптах, у дапаўненне хатні сок, кампот і варэнне.
Дарослымі дзецьмі бацькі цешацца і ганарацца, памятаюць усіх па імёнах, клапоцяцца пра іх лёс. Кожны з 19 выбраў свой прафесійны шлях, многія стварылі сем'і на ўзор той, дзе выраслі самі, дзе спазналі сапраўдную любоў маці і таты. У наступным годзе Сяргей і Наталля адзначаць рубінавы юбілей - 40 гадоў сямейнага жыцця.